ТЛУ́ШЧАВЫ АБМЕ́Н, ліпідны абмен,

сукупнасць працэсаў пераўтварэнняў тлушчаў у арганізме чалавека і жывёл. Уключае ператраўліванне і ўсмоктванне тлушчаў і прадуктаў іх распаду ў страўнікава-кішачным тракце, прамежкавы Т.а., выдаленне з арганізма. Ліпіды забяспечваюць да 40% агульнай колькасці калорый, выконваюць пластычную функцыю пабудовы мембран клетак і інш. Найб. важныя ліпіды — трыацылгліцэролы (ТАГ) або нейтральныя тлушчы. Расшчапленне тлушчаў расл. і жывёльнага паходжання ў дарослых людзей пачынаецца ў кішэчніку (у грудных дзяцей у страўніку). Пад уплывам жоўці адбываецца эмульгаванне тлушчаў і актывацыя ліпазы. ТАГ расшчапляюцца да ды-, монагліцэрыдаў, гліцэрыны і тлустых кіслот. 25—30% эмульгаваных тлушчаў усмоктваецца кішэчнікам і пераходзіць у кроў без змены. Тлустыя к-ты ўсмоктваюцца ў комплексе з жоўцевымі к-тамі. Частка гліцэрыны і тлустых к-т у слізістай абалонцы кішэчніка ідзе на рэасінтэз тлушчаў, астатняя пераходзіць у кроў і лімфу.

Прамежкавы Т.а. уключае расшчапленне ТАГ у тканках з утварэннем вышэйшых тлустых к-т і гліцэрыны, мабілізацыю тлустых к-т з тлушчавых дэпо, іх акісленне, утварэнне кетонавых цел, біясінтэз вышэйшых тлустых к-т і інш. Тлустыя к-ты паступаюць у органы і тканкі, далей акісляюцца ў цыкле трыкарбонавых к-т. Каля 30% тлустых к-т затрымліваецца ў печані пры аднаразовым праходжанні праз яе. У печані ўтвараюцца ліпапратэіды рознай шчыльнасці, якія ўдзельнічаюць у Т.а. ўсіх органаў і тканак. Сінтэз ТАГ ажыццяўляецца гал. чын. у тлушчавай тканцы, печані, сценцы кішэчніка. Асн. шлях выдалення тлушчу — праз скуру з сакрэтамі сальных і потавых залоз, невял. ч. — з фекаліямі, мачой. Т.а. узмацняецца пры фіз. нагрузцы, галаданні, ахаладжэнні і інш. стрэсавых уздзеяннях.

Літ.:

Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;

Липовецкий Б.М. Клиническая липидология. СПб., 2000.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)